Якаўлеў Якаў Аркадзевіч (сапраўднае Эпштэйн; 12.6.1896, горад Гродна – 29.7.1938), савецкі дзяржаўны і партыйны дзеяч, гісторык, публіцыст. Вучыўся ў Петраградскім політэхнічным інстытуце. У 1917–1920 на партыйнай рабоце ў Петраградзе, Екацярынаславе, на Украіне. З 1921 на партыйнай рабоце ў Маскве. З 1926 намеснік наркома РСІ. У 1929–1934 нарком земляробства СССР, адначасова старшыня Усесаюзнага савета сельскагаспадарчых калектываў СССР (“Калгасцэнтр”), потым загадчык сельскагаспадарчага аддзела ЦК ВКП(б). Актыўна праводзіў палітыку прымусовай калектывізацыі і раскулачвання. Неаднаразова наведваў Беларусь, удзельнічаў у рабоце Ліпеньскага пленума ЦК КП(б)Б 1937. Член ЦВК у 1924–1930, ЦК ВКП(б) з 1930. Неабгрунтавана рэпрэсіраваны.


Энцыклапедыя гісторыі Беларусі : у 6 т. / рэдкалегія: Г. П. Пашкоў (галоўны рэдактар) [і інш.]. – Мінск : БелЭн, 1993–2003.

    Т. 6, кн. 2 : Усвея – Яшын; Дадатак. – 2003. – С. 291.