Варонка Язэп (Іосіф Якаўлевіч ; 17.4.1891, Сакольскі павет Гродзенскай губерніі – 4.6.1952), беларускі палітычны дзеяч, журналіст, публіцыст. У 1909–1914 вольнаслухач Пецярбургскага універсітэта. У пачатку 1917 уступіў у Беларускую сацыялістычную грамаду, з чэрвеня 1917 член яе ЦК. Уваходзіў у склад Асобай нарады па выпрацоўцы палажэння аб выбарах ва Усерасійскі Ўстаноўчы сход, быў членам Бюро Савета нацыянальных сацыялістычных партый Расіі. Удзельнічаў у рабоце Дзяржаўнай нарады (жнівень 1917, Масква). У прамове на Усерасійскай дэмакратычнай нарадзе (верасень 1917, Петраград) ад імя Цэнтральнай рады беларускіх арганізацый выказаўся супраць урадавай кааліцыі сацыялістычных партый з буржуазнымі. Уваходзіў у склад Часовага савета Расійскай рэспублікі (Перадпарламента). Да снежня 1917 старшыня камітэта Беларускага таварыства ў Петраградзе па аказанні дапамогі пацярпелым ад вайны. На 2-й сесіі Цэнтральнай рады беларускіх арганізацый (кастрычнік 1917, Мінск) падтрымаў прапановы пра ўстанаўленне аўтаноміі Беларусі явачным парадкам. Адзін з кіраўнікоў Усебеларускага з’езда 1917 у Мінску. У лютым – ліпені 1918 старшыня Народнага сакратарыята Беларусі, адзін з ініцыятараў абвяшчэння Беларускай Народнай Рэспублікі. Рэдагаваў газету «Белорусская земля», часопіс «Варта». З канца 1918 арыентаваўся на Літоўскую тарыбу, разглядаючы яе як натуральнага саюзніка ў барацьбе за беларускую дзяржаўнасць ; у снежні 1918 – красакавіку 1920 міністр беларускіх спраў і член кабінета міністраў Літвы. Лідэр Беларускай партыі сацыялістаў-федэралістаў, з лістапада 1922 старшыня таварыства «Беларуская грамада ў Каўнасе». Аўтар гісторыка-публіцыстычных брашур, у якіх абагульняў асноўныя факты з гісторыі беларускага нацыянальнага руху ў гады рэвалюцыі і грамадзянскай вайны, аналізаваў тагачаснае палітычнае становішча. У 1923 выехаў у Чыкага (ЗША). Адзін з пачынальнікаў беларускага палітычнага руху ў ЗША. Узначальваў Беларуска-Амерыканскую нацыянальную асацыяцыю, выдаваў газету «Белорусская трибуна».

Творы: Белорусский вопрос к моменту Версальской мирной конференции: историко-политический очерк. Ковна, 1919; Беларускі рух ад 1917 да 1920 году: кароткі агляд. 2 выданне. Коўна, 1920. Рэпрынт. Мінск, 1991.

С. С. Рудовіч

Беларуская энцыклапедыя : у 18 т. / Беларуская энцыклапедыя ; рэдкалегія Г. П. Пашкоў (галоўны рэдактар) [і інш.]. – Мінск : БелЭн, 1996–2004.

    Т.4 : Варанецкі – Гальфстрым. – 1997. – С. 12.