Скірмунт Раман Аляксандравіч (7.5.1868, в. Парэчча Пінскага р-на Брэсцкай вобл. – 7.10.1939), беларускі палітычны і грамадскі дзеяч. Са шляхецкага роду Скірмунтаў. Скончыў Рыжскую гімназію. Быў старшынёй Таварыства па распрацоўцы сельскагаспадарчых і эканамічных патрэб Палесся, адным з кіраўнікоў Мінскага таварыства сельскай гаспадаркі. Адзін з ідэолагаў краёўцаў, аўтар публістычных твораў. Дамагаўся стварэння Краёвай партыі Літвы і Беларусі як міжнацыянальнага блока польскай, літоўскай і беларускай партыйных арганізацый. У 1906 дэпутат I Дзяржаўнай думы Расійскай імперыі, ініцыятар аб’яднання дэпутатаў-краёўцаў у так званую Групу заходніх ускраін. Выступаў супраць адчужэння прыватнаўласніцкіх зямель і перадачы іх у дзяржаўны фонд, быў прынцыповым апанентам сацыялістычнай ідэі абагульнення зямлі і іншых сродкаў вытворчасці. У кастрычніку 1910 – студзені 1911 член Дзяржаўнага савета Расійскай імперыі. Уваходзіў ва ўправу Віленскага зямельнага банка. З 1911 гласны Мінскага губернскага земства, з 1914 член Мінскага губернскага  камітэта Усерасійскага земскага саюза, у 1917 загадчык аддзела Мінскага губернскага харчовага камітэта. У студзені 1917 узначаліў Мінскі аддзел Беларускага таварыства дапамогі пацярпелым ад вайны, у сакавіку–ліпені 1917 старшыня Беларускага нацыянальнага камітэта. У красавіку 1917 узначальваў беларускую дэлегацыю да расійскага Часовага ўрада з патрабаваннем аўтаноміі Беларусі. Кіраўнік  «Менскага беларускага прадстаўніцтва», ад якога ў красавіку 1918 увайшоў у Раду Беларускай Народнай Рэспублікі. У ліпені 1918 узначальваў Народны сакратарыят Беларусі, у праграмнай дэкларацыі якога 9.7.1918 выказаўся за здабыццё дзяржаўнымі органамі БНР рэальнай улады, збіранне вакол яе ўсёй этнічнай тэрыторыі беларусаў, памяркоўную аграрную рэформу шляхам выкупу сялянамі памешчыцкай зямлі праз парцэляцыйны банк, за развіццё беларускай культуры. Пасля працаваў у міжнароднай камісіі Рады БНР, у лістападзе 1918 у складзе надзвычайнай беларускай дэлегацыі быў у Германіі і Швейцарыі з мэтай дамагчыся міжнароднага прызнання незалежнасці Беларусі. У час савецка-польскай вайны імкнуўся не дапусціць падзелу Беларусі паміж супрацьлеглымі бакамі, выказваўся за ўваходжанне краю цалкам у склад ІІ Рэчы Паспалітай на ўмовах уніі ці шырокай аўтаноміі. Адзін з заснавальнікаў Польска-беларускага таварыства ў Варшаве (1919). У 1930 абраны сенатарам Рэчы Паспалітай. Пасля ўз’яднання Заходняй Беларусі з БССР расстраляны.

Беларуская энцыклапедыя : у 18 т. / Беларуская энцыклапедыя ; рэдкалегія: Г. П. Пашкоў (галоўны рэдактар) [і інш.]. – Мінск : БелЭн, 1996–2004.

     Т.14 : Рэле - Славіна. – 2002. – С. 457.